Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - Толстой Алексей Николаевич - Страница 9
- Предыдущая
- 9/17
- Следующая
Бурацiна прыцiснуўся да скалы. Мiма яго, сярдзiта сапучы насамi, прамчалiся два палiцэйскiя бульдогi з Горада Дурняў.
Шэры камячок кiнуўся з дарогi ўбок - на адхон. Бульдогi - за iм.
Калi тупат i брэх аддалiлiся, Бурацiна кiнуўся бегчы так шпарка, што зоркi хутка-хутка паплылi за чорнымi галiнамi.
Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бурацiна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на iм верхам, трымаючы яго за вушы, сядзiць бледны маленькi чалавечак.
З адхону пасыпалiся каменьчыкi, - бульдогi ўслед за зайцам пераскочылi дарогу, i зноў усё зацiхла.
Бурацiна бег так шпарка, што зоркi цяпер, як шалёныя, iмчалiся за чорнымi галiнамi.
Трэцi раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькi чалавечак, зачапiўшыся галавой за галiну, скiнуўся з яго спiны i шлёпнуўся проста пад ногi Бурацiна.
- Ррр-гаў! Трымай яго! - праскакалi ўслед за зайцам палiцэйскiя бульдогi: вочы iх былi так налiты злосцю, што не заўважылi нi Бурацiна, нi бледнага чалавечка.
- Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды! - плаксiвым голасам прапiшчаў чалавечак.
Бурацiна нахiлiўся над iм i са здзiўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулi з доўгiмi рукавамi.
Ён ляжаў галавой унiз у каляiне i, вiдаць, лiчыў сябе ўжо мёртвым i прапiшчаў загадкавую фразу: "Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды!" развiтваючыся з жыццём.
Бурацiна пачаў яго трэсцi, пацягнуў за нагу, - П'еро не варушыўся. Тады Бурацiна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кiшэнi, i прыставiў яе да носа чалавечка, якi ўжо не дыхаў.
П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, закiваў галавой, адарваў п'яўку i прастагнаў:
- Ах, я яшчэ жывы, як вiдаць!
Бурацiна схапiў яго за шчокi, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся:
- Як ты сюды трапiў? Чаму ты iмчаўся верхам на шэрым зайцы?
- Бурацiна, Бурацiна, - адказаў П'еро, палахлiва азiраючыся, - схавай мяне хутчэй... Гэта ж сабакi гналiся не за шэрым зайцам, яны гналiся за мною... Сiньёр Карабас Барабас ловiць мяне дзень i ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў палiцэйскiх сабак i пакляўся схапiць мяне жывым або мёртвым.
Удалечынi зноў зацяўкалi сабакi. Бурацiна схапiў П'еро за рукаў i пацягнуў яго ў зараснiк мiмозы, усыпанай кветкамi ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухiркоў.
Там, лежачы на прэлых лiстах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму:
- Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра...
П'еро расказвае, якiм чынам ён, верхам на зайцы, трапiў у Краiну Дурняў
- Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра. Сiньёр Карабас Барабас сядзеў каля камiнка i курыў люльку. Усе лялькi ўжо спалi. Я адзiн не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакiтнымi валасамi...
- Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, - перабiў Бурацiна. - Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкi - з каморкi з павукамi...
- Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакiтнымi валасамi? Ты бачыў маю Мальвiну?
- Падумаеш - дзiва! Плакса i прыставайла...
П'еро ўсхапiўся, размахваючы рукамi.
- Вядзi мяне да яе... Калi ты мне паможаш знайсцi Мальвiну, я табе адкрыю таямнiцу залатога ключыка...
- Як! - закрычаў Бурацiна радасна. - Ты ведаеш таямнiцу залатога ключыка?
- Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што iм трэба адамкнуць адны дзверцы... Я падслухаў таямнiцу, i таму сiньёр Карабас Барабас шукае мяне з палiцэйскiмi сабакамi.
Бурацiна страшэнна захацелася зараз жа пахвалiцца, што таямнiчы ключык ляжыць у яго ў кiшэнi. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок i запхнуў яго ў рот.
П'еро ўпрошваў весцi яго да Мальвiны. Бурацiна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна i небяспечна, а вось калi развiднее - яны пабягуць да дзяўчынкi.
Прымусiўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мiмозы, Бурацiна прамовiў шарсцяным голасам, паколькi рот яго быў заткнуты каўпачком:
- Шашкажвай...
- Дык вось, - аднойчы ноччу шумеў вецер...
- Пра гэта ты ўжо шашкажваў...
- Дык вось, - працягваў П'еро, - я, разумееш, не сплю i раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў...
Сiньёр Карабас Барабас забурчаў: "Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?"
- Гэта я - Дурамар, - адказалi за акном, - прадавец лячэбных п'явак. Дазвольце мне абсушыцца каля агню.
Мне, разумееш, вельмi захацелася паглядзець, якiя бываюць прадаўцы лячэбных п'явак. Я цiхенька адхiнуў ражок фiранкi i прасунуў галаву ў пакой. I - бачу:
Сiньёр Карабас Барабас падняўся з крэсла, наступiў, як заўсёды, на бараду, вылаяўся i адчынiў дзверы.
Зайшоў цыбаты, мокры-мокры чалавек з маленькiм-маленькiм тварам, такiм зморшчаным, як грыб смарчок. На iм было старое зялёнае палiто, на папружцы вiселi абцугi, кручкi i шпiлькi. У руках ён трымаў бляшаную банку i сачок.
- Калi ў вас балiць жывот, - сказаў ён, кланяючыся, нiбы спiна была ў яго зламана пасярэдзiне, - калi ў вас моцна балiць галава цi стукае ў вушах, я магу вам паставiць за вушы паўтузiна найлепшых п'явак.
Сiньёр Карабас Барабас прабурчаў:
- К чорту лысаму, нiякiх п'явак! Можаце сушыцца каля агню колькi ўлезе.
Дурамар стаў спiнай да камiнка.
Адразу ж ад яго зялёнага палiто пайшла пара i запахла тванню.
- Дрэнна iдзе гандаль п'яўкамi, - сказаў ён зноў. - За кавалак халоднай свiнiны i шклянку вiна я гатовы вам прыставiць да сцягна тузiн цудоўных п'явачак, калi ў вас ламата ў касцях...
- К чорту лысаму, нiякiх п'явак! - закрычаў Карабас Барабас. - Ежце свiнiну i пiце вiно.
Дурамар пачаў есцi свiнiну, твар яго сцiскаўся i расцягваўся, як гумавы. Наеўшыся i напiўшыся, ён папрасiў на люльку тытуню.
- Сiньёр, я сыты i сагрэты, - сказаў ён. - Каб заплацiць вам за вашу гасцiннасць, я вам адкрыю таямнiцу.
Сiньёр Карабас Барабас пасоп люлькай i адказаў:
- Ёсць толькi адна таямнiца на свеце, якую я хачу ведаць. На ўсё астатняе я пляваў i чхаў.
- Сiньёр, - зноў сказаў Дурамар, - я ведаю вялiкую таямнiцу, яе паведамiла мне чарапаха Тарцiла.
Пры гэтых словах Карабас Барабас вылупiў вочы, усхапiўся, заблытаўся ў барадзе, паляцеў проста на спалоханага Дурамара, прыцiснуў яго да жывата i зароў, як бугай:
- Шаноўнейшы Дурамар, найдаражэйшы Дурамар, кажы, кажы хутчэй, што табе паведамiла чарапаха Тарцiла!
Тады Дурамар расказаў яму наступную гiсторыю:
"Я лавiў п'явак у адной бруднай сажалцы каля Горада Дурняў. За чатыры сольда ў дзень я наймаў аднаго беднага чалавека, - ён раздзяваўся, залазiў у сажалку па шыю i стаяў там, пакуль да яго голага цела не прысмоктвалiся п'яўкi.
Тады ён выходзiў на бераг, я абiраў з яго п'явак i зноў пасылаў яго ў сажалку.
Калi мы налавiлi такiм чынам колькi трэба было п'явак, з вады раптам паказалася змяiная галава.
- Паслухай, Дурамар, - сказала галава, - ты перапалохаў усё насельнiцтва нашай цудоўнай сажалкi, ты каламуцiш ваду, ты не даеш мне спакойна адпачываць пасля снедання... Калi скончыцца гэты непарадак?..
Я ўбачыў, што гэта звычайная чарапаха, i, нiколькi не баючыся, адказаў:
- Пакуль не вылаўлю ўсiх п'явак у вашай бруднай лужыне...
- Я гатова адкупiцца ад цябе, Дурамар, каб ты пакiнуў у спакоi нашу сажалку i больш нiколi не прыходзiў.
Тады я пачаў здзекавацца з чарапахi:
- Ах ты, стары плывучы чамадан, дурная цётка Тарцiла, чым ты можаш ад мяне адкупiцца? Хiба сваёй касцяной чарапашынай, куды хаваеш лапы i галаву... Я прадаў бы тваю чарапашыну на грабеньчыкi...
Чарапаха пазелянела ад злосцi i сказала мне:
- На дне сажалкi ляжыць чароўны ключык... Я ведаю аднаго чалавека, - ён гатовы зрабiць усё на свеце, каб атрымаць гэты ключык..."
Не паспеў Дурамар вымавiць гэтыя словы, як Карабас Барабас залямантаваў з усяе сiлы:
- Гэты чалавек - я! я! я! Паважанейшы Дурамар, дык чаму ж ты не ўзяў у чарапахi ключык?
- Вось яшчэ! - адказаў Дурамар i сабраў у маршчыны ўвесь твар, так што ён зрабiўся падобны на вараны смарчок. - Вось яшчэ! Прамяняць найцудоўнейшых п'явак на нейкi ключык... Карацей кажучы, мы пасварылiся з чарапахай, i яна, узняўшы з вады лапу, сказала:
- Предыдущая
- 9/17
- Следующая