Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм - Страница 55
- Предыдущая
- 55/72
- Следующая
- Але няхай хлебадайца мне яго i аднясе, iнакш нападуць на мяне ганчакi.
I аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднiя лапы, узяў хлеб у пярэднiя ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнiчы i кажа:
- Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!
Здзiвiўся гаспадар, а паляўнiчы кажа:
- Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер i каралеўскай смажанкi пакаштаваць.
Сказаў гаспадар:
- Што ж, паглядзiм, - але спрачацца больш не стаў.
Паклiкаў паляўнiчы лiсiцу ды кажа:
- Лiска, схадзi ты ды прынясi мне смажанку, якую есць сам кароль.
Рыжая лiсiца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за iншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, i нiводзiн сабака яе не заўважыў. Села лiсiца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зiрнула каралеўна ўнiз ды пазнала лiсiцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:
- Лiсачка, даражэнькая, што табе трэба?
Адказала лiсiца:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут i паслаў мяне, каб я папрасiла смажанкi, што сам кароль есць.
Загадала каралеўна паклiкаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, i данёс бы яе лiсiцы да самых дзвярэй карчмы.
Узяла лiсiца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселi на смажанку, i прынесла яе свайму гаспадару.
- Ну, карчмар, - сказаў паляўнiчы, - хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць i тае гароднiны, што есць сам кароль.
Паклiкаў ён ваўка ды кажа:
- Любы воўча, iдзi ды прынясi мне тае гароднiны, што есць кароль.
Пайшоў воўк напрасткi ў замак, бо ён анiкога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азiрнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:
- Даражэнькi воўча, што табе трэба?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут, ён прасiў даць тае гароднiны, якую есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гароднiны, якую есць сам кароль, i данесцi яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда i прынёс яго свайму гаспадару.
- Вось бачыце, гаспадар, - кажа паляўнiчы, - цяпер ёсць у мяне i хлеб, i смажанка, i гароднiна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ i салодкае, якое есць кароль.
Ён паклiкаў мядзведзя ды кажа:
- Любы мядзведзь, ты нябось любiш салодкiм паласавацца, дык вось iдзi ды прынясi мне салодкае, якое есць сам кароль.
Затупаў мядзведзь проста да замка, i кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, i выставiла варта перад iх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскi замак. Тут падняўся мядзведзь на заднiя лапы, панадаваў ён такiх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, - i рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе i цiхенька зарычаў. Азiрнулася яна, пазнала мядзведзя i загадала яму iсцi з ёю ў пакой ды пытаецца:
- Даражэнькi мядзведзь, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона знаходзiцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль.
Паклiкала каралеўна кандытара i загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль i аднесцi яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лiзаць салодкiя лiзунцы, што скацiлiся на зямлю, потым надняўся на заднiя лапы, узяў у пярэднiя блюда i прынёс яго да свайго ўладара.
- Бачыце, гаспадар, - сказаў паляўнiчы, - вось ёсць у мяне цяпер i хлеб, i смажанка, i гароднiна, i салодкае; але хацелася б мне папiць i вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкаў ён свайго льва ды сказаў:
- Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнiк, дык вось iдзi ды прынясi мне вiна, якое п'е сам кароль.
Пакрочыў леў па вулiцах, i людзi ад яго ўцякалi; а калi падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзiць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылi.
Падышоў леў да пакоя каралеўны i пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваiх караляў, загадала яму iсцi за ею ў пакой ды спыталася:
- Любы леў, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
- Мой гаспадар, якi забiў дракона, знаходзiцца тут; ён даручыў мне папрасiць вiна, якое п'е сам кароль.
Паклiкала каралеўна вiначэрпа, i ён павiнен быў даць iльву вiна, якое п'е сам кароль. Сказаў леў:
- Я хачу пайсцi з вiначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.
Спусцiўся леў разам з вiначэрпам у вiнны склеп. Прыйшлi яны туды, i наважыўся вiначэрп нацэдзiць яму простага вiна, якое п'юць служкi, але леў сказаў:
- Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, - нацэдзiў сабе паўконаўкi i выпiў яго нагбом. - Не, - сказаў ён, - гэта вiно не тое.
Зiрнуў на яго вiначэрп скосу, але пайшоў i хацеў нацэдзiць яму вiна з другой бочкi, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:
- Пачакай! Спярша я вiно пакаштую, - нацэдзiў сабе паўконаўкi ды выпiў яго. - Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такi i гэтае не тое.
Раззлаваўся тады вiначэрп ды сказаў:
- Цi можа такi дурны звер у вiне разбiрацца?
Але леў даў яму ў вуха, - той так i пакацiўся на зямлю; i калi падняўся на ногi, ён павёў iльва, нi слова не кажучы, у асобны невялiкi склеп, дзе стаяла каралеўскае вiно, якое не давалi пiць анiкому з людзей. Нацэдзiў леў спярша сабе паўконаўкi, пакаштаваў вiна ды кажа:
- Гэта, бадай што, сапраўднае, - i загадаў вiначэрпу налiць яго шэсць пляшак.
Потым паднялiся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахiстваючыся, быў ён трошкi пад хмелем, i павiнен быў вiначэрп аднесцi яму вiно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.
Сказаў паляўнiчы:
- Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, i мяса, i гароднiна, i салодкае, i вiно - усё, што есць ды п'е сам кароль; а зараз я са сваiмi звярмi папалудную.
Ён сеў, пачаў есцi ды пiць i даў таксама паесцi ды папiць зайцу, лiсiцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, - ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:
- Ну, гаспадар, я паеў ды папiў па-каралеўску, а зараз пайду ў каралеўскi замак ды ажанюся з каралеўнай.
А гаспадар пытаецца:
- Як жа гэта можа здарыцца, калi яна мае жанiха i сёння будуць ладзiць вяселле?
Выцягнуў тады паляўнiчы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў iм былi завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:
- Мне гэтыя знакi доказу дапамогуць.
- Предыдущая
- 55/72
- Следующая