Выбери любимый жанр

Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм - Страница 50


Изменить размер шрифта:

50

Вось стаяў ён за дрэвам i пабачыў, як з'явiлася вядзьмарка, i пачуў, як яна закрычала:

- Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

Спусцiла Рапунцэль свае косы ўнiз, i ўзлезла вядзьмарка да яе наверх.

"Калi гэта i ёсць тая лесвiчка, па якой узбiраюцца наверх, дык i мне хацелася б аднойчы паспрабаваць шчасця", - i на другi дзень, калi пачало ўжо змяркацца, пад'ехаў каралевiч да вежы i крыкнуў:

- Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

I адразу ж упалi валасы ўнiз, i каралевiч узабраўся наверх.

Рапунцэль, калi пабачыла, што да яе ўвайшоў чалавек, якога яна нiколi не бачыла, спачатку моцна спалохалася. Але каралевiч ласкава з ёю загаварыў i расказаў, што яго сэрца было так кранута яе спевам i не было яму нiдзе спакою, i вось ён вырашыў яе абавязкова пабачыць.

Тады Рапунцэль перастала палохацца, i калi ён запытаўся ў яе, цi згодна яна выйсцi за яго замуж, - а быў ён малады i прыгожы, - яна падумала: "Ён будзе любiць мяне больш, чым старая фраў Готэль", - i дала сваю згоду i працягнула да яго рукi. Яна сказала:

- Я ахвотна пайду разам з табою, але не ведаю, як мне спусцiцца ўнiз. Калi ты будзеш да мяне прыходзiць, бяры ўсялякi раз з сабою кавалак шоўку; я буду плесцi з яго лесвiчку, i калi яна будзе гатова, я спушчуся ўнiз, i ты павязеш мяне на сваiм канi.

Яны дамовiлiся, што ён будзе прыходзiць да яе па вечарах, таму што днём прыходзiла старая. Вядзьмарка нiчога не прыкмячала да тых часоў, пакуль аднойчы Рапунцэль не загаварыла з ёю i не сказала:

- Скажы мне, фраў Готэль, чаму мне цябе цягнуць наверх цяжэй, чым маладога каралевiча? Ён падымаецца да мяне ў адно iмгненне.

- Ах ты, мярзотная дзяўчынка! - закрычала вядзьмарка. - Што я чую? Я лiчыла, што схавала цябе ад усiх, а ты мяне ўсё-ткi падманула! - i яна ўчапiлася ў раз'юшанасцi ў цудоўныя валасы Рапунцэль, абматала iх некалькi разоў вакол левай рукi, а праваю схапiла нажнiцы i - чык-чык! - адрэзала iх, i дзiвосныя косы ўпалi на зямлю.

I была вядзьмарка такою бязлiтаснай, што завяла няшчасную Рапунцэль у глухi гушчар; каб давялося ёй там жыць у вялiкай беднасцi i горы.

А ў той жа самы дзень, калi яна прагнала Рапунцэль, яна прывязала вечарам адрэзаныя косы да аконнага кручка i, калi з'явiўся каралевiч i крыкнуў:

- Рапунцэль, Рапунцэль, прачнiся,

Спусцi свае косачкi данiзу!

дык i спусцiла вядзьмарка валасы ўнiз.

I ўзабраўся каралевiч наверх, але не знайшоў там сваёй любай Рапунцэль, а пабачыў вядзьмарку. Яна зiрнула на яго сваiм злосным, з'едлiвым позiркам.

- Ага! - крыкнула яна насмешлiва. - Ты хочаш звезцi сваю каханую, але прыгажунi-птушачкi няма болей у гняздзечку, i яна ўжо не пяе. Яе знесла кошка, а табе да таго ж яна выдзярэ вочы. Ты страцiў Рапунцэль навек, не бачыць яе табе больш нiколi!

Каралевiч быў не ў сабе ад гора i ў роспачы выскачыў з вежы; яму ўдалося захаваць жыццё, але калючыя шыпы кустоўя, на якiя ён упаў, выкалалi яму вочы. I ён блукаў сляпы па лесе, харчуючыся толькi адным карэннем ды ягадамi, i ўвесь час сумаваў i плакаў па страчанай iм любай жонцы.

Гэтак блукаў ён некалькi гадоў у горы i роспачы i зайшоў нарэшце ў густы гушчар, дзе жыла ў бядоце Рапунцэль разам з дзецьмi-блiзнятамi, з хлопчыкам i дзяўчынкаю.

Раптам пачуў каралевiч чыйсцi голас; ён здаўся яму такiм знаёмым, i ён пайшоў насустрач яму; i калi падышоў ён блiжэй, дык Рапунцэль яго пазнала, кiнулася да яго на шыю i горка заплакала. Але ўпалi дзве слязiнкi яму на вочы, i ён зноў стаў бачыць, як раней. I ён прывёў яе ў сваё каралеўства, дзе сустрэлi яго з радасцю, i яны жылi доўгiя-доўгiя гады ў шчасцi i заможнасцi.

РАЗУМНАЯ ЭЛЬЗА

Жыў-быў чалавек, i была ў яго дачка, звалi яе Разумнай Эльзай. Вось вырасла яна, а бацька i кажа:

- Пара б аддаць яе замуж.

- Так, - сказала мацi, - калi толькi знойдзецца такi чалавек, якi захоча яе ўзяць.

I вось прыйшоў нарэшце з далёкiх мясцiн чалавек, звалi яго Ганс; пачаў ён да яе сватацца, але паставiў умову, каб Разумная Эльза была да таго ж i вельмi разважлiвай.

- О, - сказаў бацька, - яна кемлiвая.

А мацi дадала:

- Ах, ну што i казаць: яна ўсё разумее, бачыць нават, як вецер на вулiцы гуляе, i чуе, як мухi кашляюць.

- Ну, - сказаў Ганс, - а калi яна будзе не вельмi кемлiвай, то я з ёю не ажанюся.

Вось сядзяць яны за сталом, абедаюць, а мацi i кажа:

- Эльза, схадзi ў склеп ды прынясi нам пiва.

Узяла Разумная Эльза з палiцы збан i спусцiлася ў склеп, весела пазвоньваючы накрыўкай, каб час iшоў хутчэй. Прыйшла яна ў склеп, паставiла перад пiўной бочкай зэдлiк, каб не трэба было нагiнацца, i спiна каб не забалела i каб не занадта стамiцца. Паставiла перад сабой збан, адкруцiла кран i, каб вочы не заставалiся без справы, пакуль пiва нальецца, пачала сцяну разглядваць; вось глядзiць яна ды разглядвае i заўважыла раптам над сабой кiрку на сцяне, якую забылiся там памылкова муляры. I вось пачала Разумная Эльза плакаць i галасiць: "Калi выйду замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, i вырасце яно, i пашлем мы яго ў склеп пiва нацадзiць, раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць". Сядзiць яна i плача, што ёсць сiлы галосiць з-за будучага няшчасця. А ў хаце наверсе чакаюць у гэты час пiва, а Разумная Эльза ўсё не вяртаецца. Гаспадыня i кажа работнiцы:

- Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там з Эльзай здарылася.

Пайшла работнiца, бачыць - сядзiць Эльза перад бочкай i плача-залiваецца.

- Эльза, чаго ты плачаш? - пытаецца работнiца.

- Ох, - адказвае яна, - ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам незнарок можа звалiцца яму на галаву кiрка i забiць яго насмерць...

I сказала работнiца:

- Вось якая ў нас Эльза разумная!

Падсела яна да яе i пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё пiва чакаюць не дачакаюцца, а работнiца не вяртаецца. Тады бацька i кажа работнiку:

- Схадзi ты ў склеп ды паглядзi, што там Эльза з работнiцай робяць.

Спусцiўся работнiк у склеп, бачыць - сядзiць Разумная Эльза з работнiцай, i абедзве плачуць. Пытаецца ён у iх:

- Чаго вы плачаце?

- Ой, - адказвае Эльза, - ды як жа мне не плакаць? Калi выйду я замуж за Ганса, i народзiцца ў нас дзiця, вырасце яно вялiкае, i давядзецца яму пайсцi ў склеп пiва нацадзiць, то раптам звалiцца яму на галаву кiрка i заб'е яго насмерць...

50
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело