Казкi (на белорусском языке) - Гримм братья Якоб и Вильгельм - Страница 48
- Предыдущая
- 48/72
- Следующая
А селянiн кажа яму:
- Бач ты якi хiтры, нездарма кажаш: "Дай, дай". Гэта ты мяса хочаш. Ды я ж не такi дурны, каб яго табе аддаць.
А сабака зноў брэша: "Дай, дай, дай!"
- Ну што з табой рабiць, - сказаў ён. - Ведаю я, у каго ты служыш, пакiну табе мяса. Толькi глядзi: праз два днi прынясi мне за яго грошы, а не то табе дрэнна будзе.
Скiнуў ён усё мяса з воза i паехаў дадому.
А сабакi накiнулiся на мяса i брэшуць: "Дай, дай, дай!"
Пачуў селянiн iхнi брэх i падумаў: "Гэта яны ад вялiкага сабакi сваю долю патрабуюць. Ды цi ж мне не ўсё роўна: плацiць жа ён будзе".
Мiнула два днi.
Прачнуўся селянiн на трэцi дзень ранiцай i думае: "Ну, сёння я багатым стану, сёння мне сабака павiнен грошы прынесцi".
Аднак i дзень прайшоў, i вечар настаў, а грошай нiхто не прынёс.
- Ну i час настаў, - кажа ён, - нiкому верыць нельга. Пайду да гаспадара гэтага сабакi, - гарадскога мяснiка. Няхай ён мне грошы за мяса аддасць.
Так ён i зрабiў.
Прыйшоў да мяснiка i кажа:
- Гэй, гаспадар, аддавай мне грошы за мяса, якое я твайму сабаку прадаў.
- Ды ты што, - кажа мяснiк, - з глузду з'ехаў, цi што?
- Не, - кажа селянiн, - я пры сваiм розуме, плацi грошы.
Тады мяснiк раззлаваўся, схапiў палку i прагнаў яго.
- Iдзi, - кажа, - пакуль цэлы. А калi яшчэ раз сюды прыйдзеш, зноў на сваёй спiне палку адчуеш.
Пайшоў селянiн ад мяснiка.
"Куды, - думае, - iсцi мне цяпер скардзiцца, хто мне дапаможа? Пайду ў каралеўскi палац".
Так ён i зрабiў.
Пусцiлi яго ў палац.
Увайшоў ён у тронную залу, а там сядзяць на троне кароль i каралеўская дачка.
- На што скардзiшся? - пытаецца ў яго кароль. - Хто цябе пакрыўдзiў?
- Ах, - сказаў селянiн, - жабы ў мяне грошы адабралi, сабакi - мяса, а мяснiк мяне за гэта палкай набiў.
Пачаў ён iм падрабязна расказваць пра свае няшчасцi. А дачка каралеўская слухала яго, слухала ды раптам не стрымалася i зарагатала.
Тут кароль i кажа:
- Нi жаб, нi сабак я пакараць не магу, а вось з дачкой маёй ты можаш ажанiцца. Бо яна яшчэ нiколi не смяялася, i я абяцаў аддаць яе замуж за таго, хто першы яе рассмяшыць. Бачыш, якi ты шчаслiвы!
- Ну i зрабiў ласку, - кажа селянiн. - Я зусiм жанiцца не хачу. У мяне дома свая жонка ёсць, навошта мне твая дачка. У мяне хата маленькая, не тое што твой палац, нам i дваiм з жонкай цесна.
Тут кароль раззлаваўся i закрычаў:
- Ты няветлiвы i грубы, вось ты якi!
- Што ж, - адказаў яму селянiн, - сам ведаеш: на свiнцы не шоўк, а шчацiнне.
- Ну, добра, - кажа кароль, - цяпер iдзi прэч. Я табе iншую ўзнагароду прызначу. Днi праз тры заходзь у палац, тады я табе ўсе пяцьсот адсыплю спаўна.
Пайшоў селянiн з палаца, а каля брамы спынiў яго салдат з каралеўскай варты i кажа:
- Ты рассмяшыў каралеўну, дык пэўна, ужо, за гэта атрымаеш добрую ўзнагароду.
- Так, - сказаў селянiн, - неблагую. Мне будзе за гэта пяць сотняў выплачана.
- Паслухай, - кажа яму салдат, - навошта табе столькi грошай, даў бы ты мне трохi!
- Ну што ж, - адказвае селянiн, - дзве сотнi магу табе аддаць. Прыходзь праз тры днi да караля i скажы, каб ён табе iх выплацiў замест мяне.
А тут адзiн гандляр пачуў iх размову, падбег да мужыка i таксама пачаў яго ўгаворваць. Чым, кажа, табе тры днi гэтых грошай чакаць, вазьмi ў мяне зараз сто пяцьдзесят. А ўсе астатнiя я сам у караля атрымаю.
- Давай, - кажа селянiн. - Мне грошы патрэбны.
Праз тры днi ён зноў прыйшоў да караля.
- Здымайце з яго адзенне, - загадвае кароль, - ён павiнен атрымаць свае пяць сотняў.
- Не, - кажа селянiн, - нiчога не атрымаецца. Не мае гэтыя пяць сотняў. Я iх ужо твайму салдату ды аднаму гандляру падараваў.
I сапраўды, прыходзяць у гэты момант салдат i гандляр да караля i патрабуюць: салдат дзвесце, а гандляр трыста.
Так iм i далi: салдату дзвесце розгаў, а гандляру трыста.
Салдата на каралеўскай службе часта бiлi, дык ён асаблiва не гараваў i вытрымаў, а гандляр увесь час крычаў:
- Ой, балiць! Ой, якiя вашы грошы моцныя!
А селянiн пайшоў дадому i ўсю дарогу радаваўся, што так лёгка каралеўскай узнагароды пазбавiўся.
ТРЫ ШЧАСЛIЎЦЫ
У аднаго селянiна былi тры сыны. Неяк паклiкаў ён да сябе ўсiх траiх i сказаў:
- Я ўжо стары i вырашыў, пакуль жывы, падзялiць памiж вамi спадчыну. Грошай у мяне няма, i таму я пакiдаю ў спадчыну аднаму з вас пеўня, другому касу, а трэцяму - кошку. Рэчы не вельмi каштоўныя, але, калi пападуць яны ў добрыя рукi, могуць прынесцi вялiкую карысць. Паспрабуйце ж знайсцi такую краiну, дзе людзi нiколi не бачылi гэтых рэчаў, i тады будзеце шчаслiвымi.
I вось пасля смерцi бацькi пайшоў старэйшы брат са сваiм пеўнем шчасце шукаць. Але куды б ён нi прыходзiў, пеўнi ўсюды былi ўжо знаёмыя. У гарадах ён яшчэ здалёк бачыў пеўняў на вокнах. Гэта былi флюгеры, яны ўвесь час трымалi кiрунак па ветру. А ў вёсках пеўнi так i залiвалiся песнямi на ўсiх дварах. Нiкому гэта птушка не была ў навiну, нiхто на яго пеўня i глядзець не хацеў.
Усё ж нарэшце старэйшаму брату пашанцавала - ён трапiў на востраў, жыхары якога яшчэ нi разу не бачылi пеўня.
- Глядзiце, якая цудоўная птушка! - сказаў старэйшы брат. - На галаве ў яе прыгожая карона, а на нагах шпоры. Яна кожную ноч кукарэкае тры разы, i заўсёды ў адзiн i той жа час. Першы раз яна кукарэкае ў дзве гадзiны, другi раз - у чатыры гадзiны i трэцi раз у шэсць гадзiн ранiцы. А калi яна закукарэкае днём, гэта значыць, што неўзабаве памяняецца надвор'е.
Певень вельмi спадабаўся ўсiм жыхарам горада. Яны не спалi ўсю ноч i ўсё слухалi, як ён звонка выклiкваў час у дзве гадзiны, у чатыры i ў шэсць. А ранiцой яны спыталi, цi не прадаецца птушка i колькi яна каштуе. "Дайце мне за яе гэтулькi золата, колькi можа панесцi асёл", - адказаў старэйшы брат.
- Ды ён амаль задарма аддае такую каштоўную птушку! - усклiкнулi ўсе жыхары вострава.
I яны купiлi пеўня.
Калi старэйшы брат вярнуўся дамоў, браты здзiвiлiся, што ён атрымаў за пеўня так многа грошай.
- Эх, пайду я пашукаю шчасця, - сказаў сярэднi брат. - Магчыма, мне таксама пашанцуе выгадна збыць сваю касу, - i адправiўся ў дарогу.
Але ўсюды, дзе ён праходзiў, былi ў сялян такiя ж косы, як i ў яго.
Нарэшце i яму пашчасцiла трапiць на востраў, дзе людзi яшчэ не бачылi касы. Калi iм трэба было збiраць ураджай, яны прывозiлi на нiву гарматы, стралялi, i гарматныя ядры перабiвалi сцяблiнкi каласоў. Гэта было вельмi непрактычна, таму што ядры то праляталi мiма, то пападалi па самых каласках i псавалi шмат зерня. Ды i грукату было шмат ад стралянiны.
- Предыдущая
- 48/72
- Следующая