Выбери любимый жанр

Афганская шкатулка - Федоренко Андрей - Страница 26


Изменить размер шрифта:

26

І з гэтым вымушаны быў пагадзіцца доктар. Ігар развіваў сваю думку далей:

— Дапусцім, барадач ведае, дзе каштоўнасці. Але як іх узяць? Не думайце, што гэта так проста! Гэта ж не пагорак на полі раскапаць, гэта ж крымінальная справа. А можа — і хутчэй за ўсё! — ён проста вычэквае. Ведаючы, што каштоўнасці нікуды ад яго не дзенуцца.

— Чаму? — спытаў доктар.

— Што чаму?

— Навошта ён так доўга чакае? Ігар пацёр скроні. Прызнаўся:

— Вось гэтага я і сам не разумею. Тут ёсць некалькі варыянтаў. Альбо ён проста баіцца, альбо.

Вы ўвогуле ведаеце, што такое «груз дзвесці»? — спытаў Ігар.

— Ну, так… Прыблізна.

— Я ўчора пазваніў аднаму чалавеку, спецыялісту ў такіх справах. Ён мне ўсё растлумачыў. Гэта звычайная драўляная труна, узятая ў цынкавую абалонку. Цынк таўшчынёю ўсяго ў некалькі мі лі метраў, па швах запаяны волавам.

— Ну і што?

— А тое, што трэба ж час, каб цынк акісліўся ў зямлі. Каб яго, груба кажучы, іржа з'ела. А гэта залежыць ад глебы. Ад яе кіслотнасці. Ад таго, нізкая там мясціна, ці высокая. Перыяд акіслення і распаду цынка можа цягнуцца ад чатырох да дзесяці гадоў. Сочыце за думкаю?

— Сачу. Дык ужо ж пятнаццаць гадоў прайшло.

— У тым і справа! Барадач марудзіць, таму што проста не ведае, дзе шкатулка! «Афганец» не паспеў сказаць яму самага важнага!

— А калі паспеў?

— Тады барадач чакае, пакуль акісліцца і саржавее цынк.

Доктар апамятаўся.

— Ігар! Усё гэта да таго неверагодна… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не будзе чакаць, калі ў яго пад носам такое багацце.

— Стоп! — і на гэта быў адказ у зяця Ігара. — Што мы ведаем пра таго забітага салдата?

— Нічога…

— Вось іменна. Калі ў яго былі бацькі, сваякі… Тады як гэта прыйсці і раскапаць магілу? Ды назаўтра ж спахопяцца, шукаць пачнуць. Вось наш барадач і жыве там! Адцягвае час да самага зручнага, самага бяспройгрышнага моманту!

Зяць да таго быў перакананы ў сваёй праўдзе, што і недаверліваму цесцю пачало гэта перадавацца.

— Дык ты думаеш… — пачаў ён.

— Не думаю, а нават не сумняваюся! Каштоўнасці — у труне! І ад нас патрабуецца адно: узяць іх, пакуль не позна! Мой план такі. Няважна, ведае барадач, дзе схаваны каштоўнасці, ці не. Але раз ён марудзіць — мы павінны дзейнічаць! У самы бліжэйшы час мы паедзем у Вялікую Паляну, уночы, і забярэм каштоўнасці.

— Дык для гэтага ж… трэба раскапаць магілу! — дайшло да доктара.

— Так. І што ў гэтым страшнага? Усё прадумана, верце мне! Усе варыянты абмазгованы. Раскапаем магілу, забярэм каштоўнасці. Потым, само сабою, пастараемся ўсё акуратна зараўняць. Каб і слядоў не засталося. А рыдлёўку падкінем барадачу. Усё! Нас ніхто не будзе бачыць, нас там ніхто не ведае, ніхто ніколі і не падумае, што такое маглі зрабіць прышлыя. Але барадачу — не апраўдацца ніколі! Усе факты супраць яго! Сам служыў у Афгане — раз. Ва ўсіх на вачах — два. Дзяўчынку нейкую ў сябе хавае — тры. Ды ўсю ваколіцу абыйдзі — больш падазронага і не знойдзеш!

Зяць зірнуў на цесця і дадаў:

— Гэта крайні выпадак, канечне… Цесць мыляў вуснамі.

— Пачакай, — сказаў ён. — Як гэта — «падкінем рыдлёўку»? Гэта ж з нашага боку будзе называцца.

— Добра, добра! Не хочаце — не будзем нічога падкідваць. І без рыдлёўкі на барадача першага падумаюць. Чыя магіла будзе раскапана? «Афганца». А барадач у нас хто? «Афганец»!

— Гэта так…

— Кажу ж вам, — зяць пастукаў пальцам па скроні, — усё абмазгована!

— А калі лухта ўсё гэта? Калі пуста будзе ў труне?

— Ну і што? Гадзіну, максімум дзве згубім — падумаеш! Пасмяемся потым, успамінаючы. Ды калі на тое пайшло, я званіў учора знаёмаму юрысту. Кансультаваўся. Нават калі «накрыюць» нас — нічога страшнага! За гэты артыкул, апаганьванне магіл, цяпер нават турмы не даюць! Так, штраф, альбо, у горшым выпадку, умоўны тэрмін. Але гэта самы горшы, самы крайні выпадак! — спахапіўся Ігар. — Затое, калі нам пашэнціць.

Раптам падступіўся бліжэй і абняў зяць цесця за плечы. Зашаптаў, бліскаючы вачыма:

— Дзед! Домік вам купім, на беразе возера! Рыбу вудзіць будзеце. У Крым кожнае лета ездзіць. А хочаце — за мяжу, у Балгарыю, у Грэцыю? Хочаце ў Грэцыю?

— Гм, — пасміхнуўся цесць. — У Грэцыю!

— Я ўласную фірму адчыню, з прыцягненнем замежнага капіталу… Жыццё дае нам такі шанец! І будзе вялікім глупствам не выкарыстаць яго!

Раздзел XXI

Злосць Крушынскага — заместа пахвальбы. — У Ціма апускаюцца рукі. — Калі ж з'явіцца Васіль? — Сур'ёзная размова з Вікаю. — Узаемны недавер. — Выправа ў Гомель.

Пасля такіх важных навінаў, само сабою, Цім з Валікам не маглі чакаць прызначанага ім для «візіту» дня.

Ужо ў абед яны стукаліся ў дзверы леснічоўкі. На іхняе шчасце, Крушынскі з Вікай былі дома. Калі хлопцы ўваліліся ў хатку, Крушынскі хутка прыняў са стала і схаваў у кішэню бушлата якісь канверт.

— Ну, што зноў здарылася?

Ці м, ззяючы вачыма, пачаў выкладаць усё па-парадку: і пра кнігу «Памяць», і пра верш у ёй, які пачынаўся словамі «у цынкавай труне», і пра паход да Колькі Танкіста, і пра бацькаву гісторыю — прыезд Васіля, і пра тое, што Валікавай сястры прысылаюць грошы у звычайным канверце.

— Шкатулка з каштоўнымі камянямі — у труне! — урачыста закончыў Цім. — Так яна і была перапраўлена з Афганстана! А помнік, што паставіў Васіль.

Крушынскі, які ўвесь гэты час стаяў да хлопцаў спінаю, раптам павярнуўся, і ў Ціма словы захраслі ў горле. Не проста пануры быў Крушынскі, а злы! Такім нават Віка бачыла яго ўпершыню.

— Апошні раз вас папярэджваю — не лезце нікуды! — працадзіў ён праз зубы.

Цім з Валікам стаялі, як аплёваныя. Замест чакаемай пахвальбы атрымаць раптам такія словы!

— Вы, канечне, хлопцы разумныя і здагадлівыя — нават задужа! Але і мы, ну, спецлужбы, не дурнейшыя! Няўжо вы думаеце, што мы ні аб чым не здагадваліся? Гэты варыянт — што шкатулка ў труне пад помнікам — быў у нас адным з першых! — працягваў дабіваць хлопчыкаў цяжкімі сваімі словамі Крушынскі. — Больш таго: мы ведалі, што скалечаны «афганец», той, які расказаў Васілю тайну, нейкі час быў у Афганістане. як вам лепш растлумачыць? Словам, ён меў справу з грузам «дзвесці». Былі такія спецыяльныя каманды пры кожным палку. І, канечне ж, для яго не ўяўляла складанасці пераправіць каштоўнасці менавіта такім чынам. Схаваўшы іх у труне.

— Дык калі вам усё вядома… — пачаў быў Цім.

— Яшчэ раз кажу — забудзьце! Бо можаце толькі нашкодзіць сваімі «расследаваннямі»! Без вас ёсць каму разбірацца. І яшчэ: у нас, ну, спецслужбаў, ёсць сумненні. А раптам шкатулка не ў труне? Тады што? Не можам жа мы, не ведаючы на ўсе сто працэнтаў, ускрываць магілу. Нават нам, спеслужбам, — ізноў занадта часта пачаў скланяць гэтае слова Крушынскі, — не ўсё дазволена. Па-першае, гэта падсудная справа, а па-другое — а што калі там, у труне, ніякай шкатулкі не акажацца? Пра гэта вы падумалі? І што потым тлумачыць людзям? Калі пойдзе пагалоска, што хтосьці, хай сабе і спецлужбы, трывожылі чужую магілу?

Цім успомніў пра абяцаны матацыкл. Вось дурань, а ён ужо амаль быў паверыў! Спадзяваўся на нешта!..

— Дык навошта тады вы чакаеце Васіля? — спытаў Валік.

— Ды ці аб'явіцца яшчэ тут той Васіль — вось у чым пытанне. Хаця, — спахапіўся Крушынскі, — канечне! Усё так. Мы чакаем Васіля і спадзяемся, што ён выведзе нас на шкатулку. І калі ён нават пачне раскапваць магілу. Тады і возмем яго, «цёпленькага», адразу на месцы.

— А-а, забраць каштоўнасці чужымі рукамі? — з'едліва сказаў Цім.

— А інакш нельга! Толькі так. Самі мы проста не маем права нічога прадпрымаць. І вас прашу — нікуды не ўлазьце самі! Ну, цяпер, спадзяюся, усё зразумела?

Якраз-такі цяпер ні хлопчыкам, ні Віцы нічога і не было зразумела.

— Дык а калі хоць прыблізна ён прыедзе? — спытаў Валік.

— Хто?

— Як хто? Васіль.

— Не ведаем. Гэтага ніхто не ведае. Можа, вельмі хутка, а можа нават і ніколі.

26
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело