Выбери любимый жанр

Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - Толстой Алексей Николаевич - Страница 14


Изменить размер шрифта:

14

У Бурацiна моцна закалацiлася сэрца. Ён саскочыў з узгорка, заглянуў пад каравыя карэннi...

Пячора была пустая!!!

Нi Мальвiны, нi П'еро, нi Артамона.

Толькi валялiся дзве анучкi. Ён iх падняў, - гэта былi адарваныя рукавы ад кашулi П'еро.

Сяброў нехта выкраў! Яны загiнулi! Бурацiна ўпаў нiцма, - нос яго глыбока ўваткнуўся ў зямлю.

Ён толькi цяпер зразумеў, як моцна прывык да сваiх сяброў. Няхай Мальвiна займаецца выхаваннем, няхай П'еро хоць тысячу разоў запар чытае вершыкi, Бурацiна аддаў бы нават залаты ключык, каб зноў убачыць сяброў.

Каля яго галавы бясшумна ўзняўся пульхны пагорачак зямлi, вылез аксамiтны крот з ружовымi далонямi, пiсклява чхнуў тры разы i сказаў:

"- Я сляпы, але я вельмi добра чую. Сюды пад'язджала каламажка, запрэжаная авечкамi. У ёй сядзеў Лiс, губернатар Горада Дурняў, i сышчыкi. Губернатар загадаў:

- Забраць нягоднiкаў, якiя збiлi маiх лепшых палiцэйскiх пры выкананнi абавязкаў! Забраць!

Сышчыкi адказалi:

- Цяў!

Кiнулiся ў пячору, i там пачалася шалёная тузанiна. Тваiх сяброў звязалi, кiнулi ў каламажку разам з клункамi i паехалi".

Што за карысць была ляжаць, уткнуўшы нос у зямлю. Бурацiна ўсхапiўся i пабег па слядах колаў. Мiнуў возера, выйшаў на поле з густой травой.

Iшоў, iшоў... У яго не было нiякага плана ў галаве. Трэба выратаваць таварышаў, - вось i ўсё.

Дайшоў да кручы, адкуль пазаўчарашняй ноччу звалiўся ў лопух. Унiзе ўбачыў брудную сажалку, дзе жыла чарапаха Тарцiла. Па дарозе да сажалкi спускалася каламажка; яе цягнулi дзве худыя, як шкiлеты, авечкi з абадранай воўнай.

На козлах сядзеў тлусты кот, з надзьмутымi шчокамi, у залатых акулярах, ён служыў пры губернатары патайным нашэптвальнiкам у вуха. Ззаду яго - важны Лiс, губернатар... На клунках ляжалi Мальвiна, П'еро i ўвесь забiнтаваны Артамон, - заўсёды такi расчасаны хвост яго валокся кутасiкам па пыльнай дарозе.

Ззаду за каламажкай iшлi два сышчыкi - доберманы-пiнчэры.

Раптам сышчыкi ўзнялi сабачыя морды i ўбачылi наверсе кручы белы каўпачок Бурацiна.

Моцнымi скачкамi пiнчэры пачалi ўзбiрацца па крутым схiле. Але раней чым яны дабеглi да верху, Бурацiна, - а яму ўжо нiкуды нi схавацца, нi ўцячы, склаў рукi над галавой i - ластаўкай - з самага крутога месца рынуўся ўнiз, у брудную сажалку, зацягнутую зялёнай раскай.

Ён апiсаў у паветры крывую i, вядома, трапiў бы ў сажалку пад абарону цёткi Тарцiлы, калi б не моцны парыў ветру.

Вецер падхапiў лёгенькага драўлянага Бурацiна, закруцiў, завярцеў яго "двайным штопарам", шпурнуў убок, i ён, падаючы, бразнуўся проста ў каламажку, на галаву губернатара Лiса.

Тлусты кот у залатых акулярах ад нечаканасцi звалiўся з козлаў, i паколькi ён быў падлюга i баязлiвец, дык прыкiнуўся, што самлеў.

Губернатар Лiс, таксама страшэнны баязлiвец, з вiскам кiнуўся ўцякаць па схiле i тут жа залез у барсукову нару. Там яму давялося не соладка: барсукi сурова распраўляюцца з такiмi гасцямi.

Авечкi кiнулiся ўбок, каламажка перакулiлася. Мальвiна, П'еро i Артамон разам з клункамi пакацiлiся ў лопух.

Усё гэта адбылося так хутка, што вы, дарагiя чытачы, не наспелi б палiчыць усiх пальцаў на руцэ.

Доберманы-пiнчэры вялiкiмi скачкамi рынулiся ўнiз з кручы. Падскочыўшы да перакуленай каламажкi, убачылi тлустага ката ў непрытомнасцi. Убачылi ў лопуху параскiданых драўляных чалавечкаў i забiнтаванага пудзеля. Але нiдзе не было вiдаць губернатара Лiса.

Ён знiк, - нiбы скрозь зямлю правалiўся той, каго сышчыкi павiнны ахоўваць, як сваё вока.

Першы сышчык, узняўшы морду, у роспачы залямантаваў па-сабачы.

Другi сышчык зрабiў тое ж самае:

- Ай, ай, ай, ай-у-у-у!..

Яны кiнулiся i абшукалi ўвесь схiл гары. Зноў тужлiва завылi, таму што iм ужо бачылiся бiзун i жалезныя краты.

Збянтэжана вiляючы азадкамi, яны пабеглi ў Горад Дурняў, каб нахлусiць у палiцэйскiм аддзяленнi, нiбыта губернатар быў узяты на неба жывым, - так па дарозе яны прыдумалi ў сваё апраўданне.

Бурацiна пацiхеньку абмацаў сябе, - ногi, рукi былi цэлыя. Ён папоўз у лопух i вызвалiў ад вяровак Мальвiну i П'еро.

Мальвiна, не кажучы нi слова, абхапiла Бурацiна за шыю, але пацалаваць не магла - перашкодзiў яго доўгi нос.

У П'еро да локцяў былi адарваны рукавы, белая пудра абсыпалася са шчок, i выявiлася, што шчокi ў яго звычайныя - румяныя, нягледзячы на яго любоў да вершаў.

- Я здорава бiўся, - грубым голасам сказаў ён. - Каб мне не далi падножку - нiзавошта б мяне не ўзялi.

Мальвiна пацвердзiла:

- Ён бiўся, як леў.

Яна абхапiла П'еро за шыю i пацалавала ў абедзве шчакi.

- Досыць, досыць лiзацца, - прабурчаў Бурацiна, - уцякайма. Артамона пацягнем за хвост.

Яны ўхапiлiся ўсе трое за хвост няшчаснага сабакi i пацягнулi яго па схiлу гары.

- Пусцiце, я сам пайду, мяне гэта зневажае, - стагнаў забiнтаваны пудзель.

- Не, не, ты вельмi слабы.

Але ледзь толькi яны ўскарабкалiся да палавiны гары, як наверсе паказалiся Карабас Барабас i Дурамар. Лiсiца Алiса паказвала лапкай на ўцекачоў, кот Базiлiо тапырыў вусы i агiдна шыпеў.

- Ха-ха-ха, вось дык цудоўна! - зарагатаў Карабас Барабас. - Сам залаты ключык iдзе мне ў рукi!

Бурацiна хуценька прыдумваў, як выблытацца з новай бяды. П'еро прыцiснуў да сябе Мальвiну, маючы намер дорага прадаць жыццё. На гэты раз не было нiякай надзеi на выратаванне.

Дурамар хiхiкаў наверсе гары.

- Хворага сабачку-пудзеля, сiньёр Карабас Барабас, вы мне аддайце, я яго кiну ў сажалку п'явачкам, каб мае п'явачкi растаўсцелi...

Тоўсты Карабас Барабас ленаваўся спускацца ўнiз, ён вабiў уцекачоў пальцам, падобным на сардэльку:

- Iдзiце, iдзiце да мяне, дзеткi...

- Нi з месца! - загадаў Бурацiна. - Гiнуць - дык весела! П'еро, гавары якiя-небудзь свае самыя брыдкiя вершыкi. Мальвiна, рагачы на ўсё горла...

Мальвiна, нягледзячы на некаторыя недахопы, была добры таварыш. Яна выцерла слёзы i засмяялася вельмi крыўдна для тых, хто стаяў наверсе схiлу.

П'еро зараз жа склаў вершы i завыў вельмi непрыемным голасам:

Алiсы лёс лядачы

Па ёй палка плача.

Кот Базiлiо старац

Зладзюга, паганец.

Дурамар, наш дурачок,

Найагiднейшы смарчок.

Карабас ты Барабас,

Не баiмся надта вас...

У гэты час Бурацiна крыўляўся i дражнiўся:

- Гэй ты, дырэктар тэатра лялек, старая пiўная бочка, тлусты мяшок, напханы дурнотай, спусцiся, спусцiся да нас, - я табе наплюю ў аскубленую бараду!

У адказ Карабас Барабас страшэнна зароў, Дурамар узняў худыя рукi да неба.

Лiсiца Алiса крыва ўсмiхнулася:

- Дазвольце скруцiць шыi гэтым нахабнiкам?

Яшчэ хвiлiна, i ўсё было б скончана... Раптам са свiстам прамчалiся стрыжы:

- Сюды, сюды, сюды!..

Над галавой Карабаса Барабаса праляцела сарока, гучна лапочучы:

- Хутчэй, хутчэй, хутчэй!..

I наверсе ўзгорка з'явiўся стары тата Карла. Рукавы ў яго былi закасаны, у руцэ сукаваты кiй, бровы нахмураны...

Ён плячом пiхнуў Карабаса Барабаса, локцем - Дурамара, дубiнкай перацягнуў па спiне лiсiцу Алiсу, ботам адшпурнуў убок ката Базiлiо...

Пасля гэтага, нагнуўшыся i пазiраючы з горкi ўнiз, дзе стаялi драўляныя чалавечкi, сказаў радасна:

- Сын мой, Бурацiна, дураслiвец, ты жывы i здаровы, - iдзi ж хутчэй да мяне!

Бурацiна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвiнай, П'еро i Артамонам

Нечаканае з'яўленне Карла, яго дубiнка i нахмураныя бровы нагналi жах на нягоднiкаў.

Лiсiца Алiса адпаўзла ў густую траву i адтуль дала драла, часам толькi спыняючыся, каб пакурчыцца пасля ўдару дубiнкай.

Кот Базiлiо, адляцеўшы крокаў на дзесяць, шыпеў ад злосцi, як праколатая веласiпедная шына.

Дурамар падабраў крыссе зялёнага палiто i пасунуўся з узгорка ўнiз, паўтараючы:

- Я нi пры чым, я нi пры чым...

Але на крутым месцы сарваўся, пакацiўся i са страшэнным шумам i плёскатам плюхнуўся ў сажалку.

14
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело