Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке) - По Эдгар Аллан - Страница 3
- Предыдущая
- 3/9
- Следующая
* Страцiла былое гучанне першая лiтара (лац.).
Я неяк казаў табе, што радок быў напiсаны адносна Арыёна, бо некалi пiсалася Ўрыён, i так як мы яшчэ тады пажартавалi наконт гэтага, я ведаў, што ўсё гэта засталося ў тваёй памяцi. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкi пра Арыёна i Шантыi. Тое, што менавiта так i здарылася, пацвердзiла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыi сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты iшоў згорбiўшыся, а тут - выпрастаўся на ўвесь рост. Такiм чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мiзэрную фiгуру Шантыi. У той самы момант я перабiў твае думкi, зазначыўшы, што гэты Шантыi i праўда недаростак i было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сiлы ў тэатры "Вар'етэ".
Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалi вячэрнi выпуск "Судовай газеты", i нашу ўвагу прыцягнулi наступныя радкi:
"Незвычайнае забойства.
Сёння, а трэцяй гадзiне ночы, жыхароў квартала Сен-Рош абудзiлi ад сну немыя крыкi, што чулiся, вiдаць, з пятага паверха дома на вулiцы Морг, у якiм, як было вядома, жылi толькi мадам Л'Эспанэ i яе дачка мадэмуазель Камiла Л'Эспанэ. Пасля некаторай затрымкi, якая была выклiкана спробай зайсцi ў дом звычайным шляхам, дзверы пад'езда адчынiлi ломам, i туды зайшлi восем цi дзесяць чалавек суседзяў i разам з iмi два жандары. Да таго часу крыкi ўжо сцiхлi, але калi згаданая група людзей адолела першы пралёт лесвiцы, яны пачулi, як недзе, вiдаць, на верхнiх паверхах, грубымi галасамi сварылiся не менш двух чалавек. Пакуль дабеглi да другой лесвiчнай пляцоўкi, i гэтыя галасы ўжо сцiхлi, усюды панавала цiшыня. Людзi падзялiлiся на групы i пачалi прачэсваць пакой за пакоем. Калi яны апынулiся ў вялiкай спальнi на пятым паверсе ў тыльнай частцы будынка (дзверы замкнёныя на ключ знутры таксама выламалi), дык сталi сведкамi вiдовiшча, якое вельмi напалохала i здзiвiла прысутных.
Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку - усюды валялася паламаная мэбля. У пакоi стаяў толькi адзiн ложак, i з яго сцягнулi i параскiдалi па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да камiна прылiплi дзве-тры акрываўленыя тоўстыя пасмы вырваных, вiдаць, з коранем сiвых валасоў. На падлозе знайшлi чатыры напалеандора, адну завушнiцу з тапазам, тры срэбраныя сталовыя, тры чайныя мельхiёравыя лыжкi i два мяшэчкi з залатымi манетамi амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былi выцягнуты, у iх, вiдаць, корпалiся, але многiя рэчы засталiся на сваiх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) быў знойдзены невялiчкi жалезны сейф. Ён быў адамкнёны, i ў дзверцах яшчэ тырчэў ключ. Унутры нiчога не было, акрамя некалькiх старых лiстоў i iншых нязначных папер.
Ад мадам Л'Эспанэ не засталося нiякiх слядоў, але калi заўважылi ў камiне незвычайна вялiкую колькасць сажы, праверылi дымаход i - якi жах! - выцягнулi адтуль за галаву труп дачкi: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкi праход, i даволi далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлiлася ў час агляду, скура ў многiх месцах была паздзiраная - несумненна, вынiк таго, што яе гвалтоўна запiхвалi ў комiн. На твары шмат глыбокiх драпiн, на шыi сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў, падобна на тое, што нябожчыцу душылi.
Пасля таго як старанна абшукалi ўсе куткi i нiчога больш не знайшлi, усе пайшлi ўнiз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылi труп старэйшай жанчыны рана на шыi была настолькi глыбокая, што калi паспрабавалi труп падняць, адразу адвалiлася галава. I цела, i галава страшэнна знявечаныя, асаблiва цела, якое было ўжо амаль не падобна на чалавечае.
Як нам вядома, для разгадкi гэтай жудаснай гiсторыi не знойдзена пакуль што нiводнага ключа".
На другi дзень газета паведамiла новыя падрабязнасцi:
"Трагедыя на вулiцы Морг. У сувязi з гэтай неверагоднай i жудаснай аферай (слова афёра не набыло ў Францыi такога фрывольнага сэнсу) дапытаны многiя асобы, але так нiчога i не высветлiлася.
Нiжэй даюцца найбольш iстотныя сведчаннi:
Палiн Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнiя тры гады, прала iх бялiзну. Старая панi з дачкой жылi, вiдаць, дружна, любiлi адна адну. Плацiлi вельмi добра. Наконт таго, за што яны жылi, на якiя сродкi, нiчога сказаць не можа. Лiчаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылi, што грошы ў яе былi. Сведка нiкога чужога ў доме не сустракала - i калi прыходзiла па бялiзну, i калi вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугу яны не трымалi. Як ёй вядома, мэбля была толькi на пятым паверсе.
П'ер Маро, уладальнiк крамы па продажы тытуню, сведчыць, што на працягу чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь i табаку невялiкiмi порцыямi. Ён нарадзiўся i ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалi дом, дзе былi знойдзены iх трупы, на працягу больш чым шасцi гадоў. Раней там жыў ювелiр, якi здаваў пакоi на верхнiх паверхах унаймы розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант адносiцца да яе маёмасцi, i таму сама пераехала ў дом i адмаўляла ўсiм, хто хацеў зняць той цi iншы пакой. Старая панi здзяцiнела. На працягу ўсiх гэтых год сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылi надзвычайна адасоблена i, паводле чутак, былi пры грашах. Чуў, суседзi гаварылi, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой - але ён гэтаму не верыў. Нiколi не бачыў, каб хто-небудзь заходзiў у дом, акрамя самой гаспадынi i дачкi, разы два быў прыбiральшчык, восем-дзесяць вiзiтаў зрабiў доктар.
Прыкладна тое самае засведчылi i iншыя асобы, якiя жывуць па суседству. Яны не маглi назваць нiкога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, цi былi ў нябожчыц сувязi са знешнiм светам. Аканiцы на фасадзе адчынялiся рэдка, а тыя, што са двара, былi зачынены заўсёды, за выключэннем аднаго вялiкага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны - не вельмi стары.
Iзiдор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклiкалi каля трох гадзiн ночы. Калi падышоў да дома, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якiя спрабавалi зайсцi ўсярэдзiну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыком, а не ломам. Зрабiць гэта было не цяжка, бо дзверы двухстворкавыя i не замкнёныя на засаўку нi зверху, нi знiзу. Крыкi чулiся ўвесь час, пакуль адчынялi дзверы - а потым раптам сцiхлi. Вiдаць, крычалi (цяжка сказаць, адзiн чалавек або некалькi) у перадсмяротнай агонii - моцна i працягла, а не адрывiста. Наверх сведка падымаўся ў лiку першых. Апынуўшыся на першай лесвiчнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна i са злосцю сварацца - адзiн хрыплым, а другi - больш пранiзлiвым, вельмi дзiўным голасам. Змог разабраць некалькi слоў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы "Sacre" i "diable"*.
* "Лiха на яго" i "д'ябал" (франц.).
Пранiзлiвым голасам гаварыў чужаземец. Не мог разабраць, быў гэта мужчынскi цi жаночы голас. Што гаварылi - не зразумеў, але лiчыць, што мова была гiшпанская. Выгляд пакоя i трупаў, згодна з апiсаннем сведкi, не адрознiваецца ад апiсання, дадзенага ва ўчарашняй газеце.
Анры Дзюваль, сусед, па прафесii срэбранiк, сведчыць, што ў лiку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведамiў Мюзэ. Як толькi яны зайшлi ў пад'езд, адразу ж зачынiлi за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, якi назбiраўся вельмi хутка, нягледзячы на познi час. На думку сведкi, пранiзлiвы голас належаў iталiйцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, што мужчына. Магла быць i жанчына. Сведка iталiйскай мовы не ведае. Слоў не разабраў, але па iнтанацыi лiчыць, што гаварыў iталiец. Мадам Л'Эспанэ i яе дачку ведаў. Часта гутарыў з iмi. Упэўнены, што пранiзлiвы голас не належаў нiводнай.
Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказаннi. Так як ён французскай мовай не валодае, допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзiў каля дома, калi адтуль пачулiся крыкi. Крычалi на працягу некалькiх хвiлiн, вiдаць, дзесяцi. Крыкi былi доўгiя i моцныя жудасныя i невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымi сведчаннямi па ўсiх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранiзлiвы голас належаў мужчыне, да таго ж французу. Слоў не разабраў. Гаварылi вельмi гучна i хутка - з перапынкамi, вiдаць, са страхам i злосцю. Голас быў рэзкi, хутчэй рэзкi, чым пранiзлiвы. Не, пранiзлiвым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў "Sacre" i "diable" i адзiн раз сказаў "mon Dieu"*.
- Предыдущая
- 3/9
- Следующая